Культура Беларусі ў казках і паданнях

10.04.2024

Культура Беларусі ў казках і паданнях.

О, край родны,

Край прыгожы,

Мілы кут маіх дзядоў!

Што мілей у свеце божым

Гэтых светлых берагоў,

Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,

Дзе бары-лясы гудуць,

Дзе мядамі пахнуць грэчкі,

Нівы гутаркі вядуць?

                                      Якуб Колас

   Культурная спадчына беларусаў сабрана ў самабытную скарбонку вусна-паэтычнай творчасці. Праз вусна-паэтычнае слова дзіця спазнае лёс Беларусі, яе культуру і гісторыю, яе традыцыі. Педагогам і бацькам неабходна выхоўваць маленькіх дзетак сапраўднымі беларусамі, фарміраваць у іх нацыянальную самасвядомасць, садзейнічаць засваенню дзецьмі пэўных духоўна-маральных каштоўнасцяў.

   Разнастайнасць тэм і фальклорнага матэрыялу спрыяе шматграннасці ўздзеяння на дзіця старэйшага дашкольнага ўзросту, узбагачэнню яго ўнутраннага свету.

   Казкі, легенды і паданні, у адпаведнасці са сваёй мастацкай формай і асаблівасцямі, разлічаны толькі на  ўзаемныя зносіны. Вусная форма перадачы беларускіх народных казак, легенд і паданняў прадугледжвае зварот дарослага да асобы маленькага дзіцяці як да актыўнага суб’екта ўзаемных зносін, раўнапраўнага ўдзельніка размовы.

   З вялікім майстэрствам у гэтых творах адлюстроўваецца ўменне народа перадаць не толькі чысты змест сваіх думак, але і жывую афарбоўку пачуццяў, без якой немагчыма сапраўднае спасціжэнне і ўсведамленне іх асноўнага сэнсу. Адсюль і іх значны ўплыў на развіццё асобы дзіцяці.

   Казкі, легенды і паданні дарослы можа выкарыстоўваць зыходзячы з канкрэтных абставін і прадумоў.  Ён мае магчымасць скарэкціраваць аб’ем матэрыялу, пераказаць вусны твор сваімі словамі, расказаць толькі невялічкі ўрывак з твора.

   Легенды і паданні лепш даваць старэйшым дашкольнікам у пераказе. Пры гэтым даросламу пажадана пераказаць гэтыя творы больш лёгкімі для дзіцячага ўспрымання сказамі, скарачаючы аб’ём фальклорнага тэксту.   Жадаем Вам поспехаў у агульнай справе засваення дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту роднай спадчыны, фарміравання ў іх нацыянальнай самасвядомасці!

 

 

 Выкарыстаная літаратура: Культура Беларусі ў казках і паданнях: этнакультурная адукацыя дашкольнікаў: дапам. для педагогаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашк.адукацыі / ДЗ. М. Дубініна, ДЗ. У. Дубінін. – Мінск: Зорны верасень, 2008. – 120с.